Тэма гэта ўжо не новая. За апошні год яе не перастаюць абмяркоўваць. Знешнім выглядам горада занепакоены не толькі магіляўчане, сам Прэзідэнт лічыць, што Магілёву не хапае «глянцу і гармоніі». Налета будзе зацверджаны генплан Магілёва, але дагэтуль некаторыя дэталі яго так званага чарнавога варыянта выклікаюць неадназначную рэакцыю ў магіляўчан. У прыватнасці, гэта датычыцца лёсу будучага парка ў Падміколлі. На сайце Магілёўскага гарвыканкама можна ў дэталях паглядзець, як ён будзе выглядаць. Напрыклад, пад нумарам 281 паміж дзеючым Свята-Мікольскім манастыром і будынкам гарводаканала... прапісалася фестывальная пляцоўка з трыбунамі, накіраванымі ў бок Задняпроўя. А на самай броўцы плошчы Арджанікідзэ пазначаны шматфункцыянальны гандлёва-забаўляльны комплекс з офіснымі памяшканнямі. Менавіта гэтыя 2 аб'екты вызвалі рэзкі пратэст з боку пэўнай часткі жыхароў.
![]()
А гэта, як кажуць будаўнікі, уваход у будучы парк.
Запаведны куток
Аляксандр Белахвостаў - шматдзетны бацька, гісторык па адукацыі і проста чалавек, якому неабыякава, у якім горадзе будуць жыць яго дзеці. Ён рашуча выступае супраць таго, каб запаведны гістарычны куточак горада пераўтвараўся ў гандлёва-забаўляльны цэнтр. Тут перамяшаліся культурныя пласты некалькіх вякоў. У XVI стагоддзі гэта тэрыторыя называлася Пакроўскі пасад - па імені пабудаванага смаленскімі купцамі Свята-Пакроўскага храма. У суседстве адно з адным тут мірна суіснавалі касцёл Святога Антонія, манастыр бернардзінцаў ды сінагога. Ансамбль богаўгодных устаноў гарманічна дапаўняла шчыльная жылая забудова з мноствам садоў.
- У XVІІІ стагоддзі вунь там, непадалёк ад Свята-Мікольскага манастыра, праходзіла Старачарнігаўская вуліца, па якой Аляксандр Пушкін ехаў у ссылку ў Адэсу, а потым па ёй жа вяртаўся назад, - разам з Аляксандрам Белахвоставым мы прайшліся па некалі густанаселенаму пасаду, дзе зараз плануецца разбіць парк. - Ёсць запісы царскага стольніка Талстога, які апісаў і манастыр, і тое, як увесь горад патанаў у садах.
На дэталёвым плане шматфункцыянальны гандлёва-забаўляльны комплекс з офіснымі памяшканнямі пазначаны якраз на тым гістарычным месцы, якое носіць назву Касцерня.
Назва замацавалася пасля таго, як у 1661 годзе ў Магілёве адбылося паўстанне гараджан супраць стралецкага гарнізона маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча Найціхага, падчас якога было забіта 7 тысяч стральцоў. І тут усе яны, па меркаванні гісторыкаў, пахаваныя. «А нядаўна даведаўся яшчэ пра адзін цікавы факт, - кажа Аляксандр. - Адкрыў кнігу «Лепшыя ў Беларусі: турыстычны даведнік» і чытаю: за тое, што горад перабіў 7 тысяч воінаў, патрыярх Нікан абвясціў яму анафему. І яна не знятая дагэтуль. А мы збіраемся будаваць на гэтых костках забаўляльныя ўстановы».
![]()
Тая самая Касцерня, дзе па планах будзе будаўніцтва шматфункцыянальнага гандлёва-забаўляльнага цэнтра.
Малітва патрабуе цішыні
Падчас Вялікай Айчыннай вайны гэты абжыты стагоддзямі раён быў сцёрты з твару зямлі. Немцы арганізавалі тут рубеж абароны і цалкам спалілі ўсе драўляныя будынкі, каб яны не заміналі агляду. Пасля вайны і да нядаўняга часу тут было царства баршчэўніку і стыхійнага кустоўя. Мэр горада Уладзімір Цумараў нарэшце вырашыў навесці парадак. Зараз ёсць унікальная магчымасць максімальна аднавіць гэту частку горада, прычым не закранаючы інтарэсы насельнікаў тутэйшага Свята-Мікольскага манастыра. Доўгі час святое месца заставалася ўдалечыні ад гарадскога шуму. І зараз тут вельмі хвалююцца за яго будучае. Бо ніхто так і не патлумачыў, што хаваецца за той самай фестывальнай пляцоўкай, якая па плане размесціцца ў некалькіх сотнях метраў ад манастырскіх сцен. Улічваючы ўнікальную прыродную акустыку гэтага месца, забаўляльныя функцыі могуць вельмі адчувальна сапсаваць малітоўную аўру манастыра.
- Мы вельмі турбуемся - і я, і сёстры, і веруючыя, - кажа ігумення манастыра Ефрасіння. - Мы чыталі шматлікія выказванні магіляўчан за тое, каб тут застаўся парк ціхага адпачынку. Людзі хочуць спакойна гуляць з маленькімі дзецьмі - без рызыкі трапіць пад колы машын. Некалькі гадоў таму мы ўжо падвяргаліся нападкам з боку агрэсіўнай моладзі. Яны кідалі ў вокны келляў камяні. А што чакаць ад падагрэтых гучнай музыкай і півам людзей?
Не разумее матушка, як фестывальная пляцоўка будзе стасавацца са Свята-Пакроўскім храмам і музеефікаванымі падмуркамі званіцы ў гонар архангела Міхаіла, за аднаўленне якіх узяўся манастыр. Праект ужо аплачаны, і тут чакаюць дазволу на будаўніцтва. «Мы пачалі афармляць дакументы яшчэ 2 гады таму. З 2014 года нашы прыхаджане ідуць на месца былой Пакроўскай царквы і чытаюць акафіст. Людзі ахвяруюць, хто колькі можа. Мы гэтыя грошы збіраем на разліковы рахунак. На нулявы цыкл адназначна хопіць. А далей з Божай дапамогай будзем будаваць», - кажа ігумення.
![]()
Насельніцы Свята-Мікольскага манастыра перажываюць за будучае Падміколля.
Не парушыць гармонію
Архітэктары супакойваюць. Маўляў, яшчэ ніякіх канкрэтных прапаноў няма. Існуе агульная канцэпцыя развіцця парку. І тое, што пазначана на плане, - гэта толькі прыблізная форма.
Тым не менш, Падміколле сёння перыядычна ператвараецца ў будаўнічую пляцоўку. На момант нашага візіту будаўнікі нешта замацоўвалі на месцы перад гіпатэтычнай фестывальнай пляцоўкай. Яны паведамілі, што прадстаўляюць сабой паважанае ў горадзе прадпрыемства «Лаўсанбуд» і робяць тут уваход у парк. На круглым пятачку непадалёк «квітнее» разгалістае металічнае дрэва з шыльдачкай - «Гораду Магілёву ад студэнцкіх атрадаў».
- Забудова, як бачыце, вядзецца, прычым хаатычная, - кажа Аляксандр Белахвостаў. - Навошта нешта вынаходзіць, калі ёсць магчымасць аднавіць гістарычны воблік гэтага месца? Манастыр хоча аднаўляць Свята-Пакроўскую царкву разам са званіцай архангела Міхаіла - гэта будзе яшчэ адна прыгожая дамінанта Падміколля. Можна зрабіць нейкія дзіцячыя пляцоўкі, гульнявыя зоны, веласіпедныя сцяжынкі, трасіроўкі старадаўніх вуліц з каменю. Калі тут быў Пакроўскі пасад, ад Дняпра да Свята-Мікольскага манастыра ішлі дзве вуліцы - Пакроўская і Мікольская. Можна зрабіць тут і філіял батанічнага саду, каб паказаць разнастайнасць ландшафтных форм Беларусі. Або нешта накшталт Кёкенхофа - квітнеючага парку, як у галандцаў, ды яшчэ этнаграфічна ўсё гэта абыграць.
![]()
Вось так будзе выглядаць комплекс Свята-Пакроўскай царквы са званіцай.
Дэпутаты таксама супраць
Зараз лісты з заклікам не будаваць гандлёва-забаўляльны комплекс і фестывальную пляцоўку знаходзяцца на разглядзе і ў Магілёўскім гарсавеце дэпутатаў.
- Мы правялі пашыранае пасяджэнне прэзідыума і абмеркавалі гэту праблему, - кажа старшыня Магілёўскага гарадскога Савета Сяргей Іваноў. - У цэлым канцэпцыю забудовы мы падтрымліваем, але за выключэннем фестывальнай пляцоўкі і шматфункцыянальнага гандлёва-забаўляльнага цэнтра. Хаця яшчэ невядома, якія функцыі будзе несці тая фестывальная пляцоўка. Бо, калі яе выкарыстоўваць, напрыклад, для правядзення канцэртаў фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа» - гэта зусім іншая справа. Мы на гэта таксама звярнулі ўвагу магілёўскага кіраўніцтва. Калі тут можна прыйсці да нейкага кансэнсусу, будзе цудоўна. Мы за тое, каб усё сапраўды было гарманічна. У любой сітуацыі да праблемы трэба падыходзіць узважана, а не «рубіць» з пляча.
...Пасля нядаўняга візіту Прэзідэнта ідзе дапрацоўка генплана Магілёва. Абласны цэнтр павінен мець сваю «разыначку». Першы крок зроблены - мост цераз Днепр стаў сапраўдным упрыгажэннем горада. Хочацца, каб і з астатнім было не горш. І калі Магілёў нарэшце ўзяўся за будаўніцтва парка ў Падніколлі, трэба, каб ён стаў сапраўдным месцам адпачынку гараджан, у якім будзе ўтульна ўсім - і моладзі, і вернікам, і гасцям.
Нэлі Зігуля, «Звязда»